top of page

Летам 1912 года Янка Купала, ужо добра вядомы паэт, аўтар мноства вершаў і паэм, напісаў сваю першую п’есу “Паўлінка”. Сталася гэта на Лагойшчыне, на хутары Акопы – апошняй сядзібе сям’і паэта, куды ён любіў прыязджаць не толькі каб пагасцяваць у маці, Бянігны Іванаўны, але каб у ахвоту папрацаваць над творчымі задумамі.

Праз год, летам 1913-га, там жа у Акопах, Янка Купала піша яшчэ дзве п’есы – камедыю “Прымакі” (па вызначэнні аўтара – “сцэнічны жарт”) і драму “Раскіданае гняздо”. А праз дзевяць гадоў, ужо за савецкім часам, летам 1922-га, стварае сваю апошнюю драматургічную рэч – геніяльную трагікамедыю “Тутэйшыя”, — і зноў жа там, у Акопах, у гасцях у матулі.

П’есы Янкі Купалы, агулам узятыя, ёсць несумненна новы этап у развіцці беларускай нацыянальнай драматургіі і беларускага нацыянальнага тэатра.

Зайдросны сцэнічны лёс выпаў купалаўскай “Паўлінцы”. Упершыню пастаўленная 27 студзеня 1913 года Беларускім музычна-драматургічным гуртком у Вільні, яна вось ужо амаль сто гадоў не толькі не сыходзіць з тэатральных падмосткаў, але і жыве ў свядомасці беларускай грамадскасці сваеасаблівым сімвалам нацыянальнай тэатральнай культуры, з’яўляецца візітнай карткай гэтай культуры.

Ад самага пачатку яе шэсце па самадзейных, а потым і прафесійных сцэнах было трыумфальным. Ніводная іншая п’еса такога ўсеагульнага прызнання ў нашай краіне не заваявала, такой усенароднай, усебеларускай любові не зведала.

Сцэнічны жарт у адным акце “Прымакі” – рэч у Купалы-драматурга на асобным рахунку, у тым сэнсе, што яна начыста вызвалена ад сацыяльнага аспекту. Упершыню пастаўлена Першым таварыствам беларускай драмы і камедыі ў 1917 годзе. “Ні ў адным драматычным творы Купалы мы не знойдзем такога багатага і разнастайнага выкарыстання народнага мастацтва, як у гэтым. Прыпеўка, песня, народны танец — важнейшыя атрыбуты вадэвілю. Яркі фальклорны каларыт, жывая мова “Прымакоў” разам з захапляючай камедыйнасцю сюжэта прыцягваюць увагу гледача, інтрыгуюць яго і зачароўваюць.

А вось для напісання драмы “Раскіданае гняздо” Купалу спатрэбіўся іншы эстэтычны досвед, іншая літаратурная і тэатральная школа.

Гэты твор Купалы глыбока самабытны і задумай, і зместам, і паэтыкай. Максім Гарэцкі падкрэсліў, што “Раскіданае гняздо” – гэта “сімвал раскіданай Беларусі”. Невыпадкова, што “Раскіданае гняздо” не надта спяшаліся паказаць на савецкай сцэне і замацавацьу рэпертуары. (як гэта было з “Паўлінкай”). Упершыню пастаноўка драмы была ажыццяўлена ў ліпені 1917 года ў Мінску, затым у 1919 годзе ў Вільні, у 1921 годзе зноў у Мінску, але нядоўга. У канцы 20-х яна з рэпертуару выпала і вярнулася на сцэну, ужо ў БДТ-2 (цяпер тэатр імя Якуба Коласа), толькі ў 1951-м. Есць сведчанні, што сам Купала быў рашуча не згодны з такім стаўленнем да яго п’есы і балюча перажываў “Я памру, але “Раскіданае гняздо” займе яшчэ на сцэне свае пачэснае месца і загаворыць на поўны голас. Я ўклаў у гэту п’есу лепшае, што было ў маёй паэзіі і прозе“.

Вялікі паэт і драматург не памыляўся, калі гэтак моцна верыў у сцэнічную будучыню сваёй п’есы, у яе доўгае жыццё. Жыццё не дае падстаў перавесці драму Купалы ў разрад гістарычных, рэчаіснасць не дазваляе сказаць, што яна перастала быць актуальнай.

Багатая, шчодрая на плён беларуская драматургія ХХ стагоддзя. Ёсць старонкі выдатныя, нават бліскучыя. Але па маштабнасці і глыбіні ідэйнай задумы, па ўсеахопнасці беларускага жыцця і яго мастацкай выяўнасці, сіле і магутнасці нацыянальнага духа наўрад ці можа стаяць побач з “Раскіданым гняздом” якая-небудзь іншая таленавіта напісаная драма.

З думай пра бацькаўшчыну ўзнікла і ідэя геніяльнай трагікамедыі “Тутэйшыя”. Сам Купала вызначыў жанр гэтай п’есы як “трагічна-смяшлівыя сцэны”. Вельмі драматычна склаўся лёс апошняй п’есы Купалы, незвычайна доўгім і пакутлівым аказаўся яе шлях да сцэны. Праз год пасля напісання, у верасні 1923-га, у друку было паведамлена, што камедыя “Тутэйшыя” рыхтуецца да пастаноўкі БДТ-1 (сённяшні тэатр імя Янкі Купалы). У 1924 годзе ў часопісе “Полымя” п’еса была надрукавана, а 16 лістапада 1926 года адбылася прэм’ера — першая пастаноўка геніяльнай камедыі народнага паэта. На другі дзень яна была знята з рэпертуару і забаронена. Толькі ў 1982 годзе была зроблена спроба паставіць скарочаны варыянт “Тутэйшых” у Магілёўскім абласным драматычным тэатры (рэжысер В. Маслюк). Спектакль адразу быў забаронены. Але час ішоў і рабіў сваю справу. 17 кастычніка 1990 года ў тэатры імя Янкі Купалы адбылася прэм’ера “Тутэйшых“ – праз 64 гады пасля першай. Пастаноўку ажыццявіў малады рэжысер Мікалай Пінігін. Беларуская тэатральная сцэна такога яшчэ не ведала. Такога захаплення і радаснага ўзбуджэння гледачоў, такога яднання іх дум і сэрцаў з думамі і сэрцам Паэта.

У 1992-м спектакль “Тутэйшыя” быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. У год 130-годдзя Янкі Купалы ўпершыню паказалі на расійскай сцэне спектакль па яго п’есе “Тутэйшыя” артысты Гродненскага абласнога тэатра лялек. Пастаноўка выклікала фурор на III Міжнародным фестывалі тэатраў лялек у Калінінградзе.

Купалаўская драматургія з’яўляецца той невычэрпнай крыніцай, што жывіць не адно пакаленне беларускіх мастакоў слова і спрыяе далейшаму паспяховаму развіццю нашай нацыянальнай драматургіі.

Спіс  літаратуры:

1. Бароўка, В. “Раскіданае гняздо” Янкі Купалы як узор мастацкай і сэнсавай зладжанасці : да 105-годдзя стварэння п’есы / В. Бароўка // Роднае слова. — 2018. — № 7. — С. 3— 6.

2. Варонава, Г. Сустрэча трох Паўлінак : [пра выканальніц галоўнай ролі Паўлінкі] / Г. Варонава // Роднае слова. — 2020. — № 6. — С. 83.

3. Варонава, Г. "Тутэйшыя". Шлях да гледача : [п'еса Янкі Купалы "Тутэйшыя" на тэатральных пляцоўках ] / Г. Варонава // Роднае слова. — 2020. — № 11. — С. 75—76.

4. Гаробчанка, Т. Купалаўскія вобразы на беларускай сцэне / Т.  Гаробчанка .— Мінск, 1976.—120 с.

5. Гілевіч, Н. Слова пра драматургію Янкі Купалы / Н. Гілевіч // Збор твораў у 23 тамах. Том 16 / Н. Гілевіч. — Мінск, 2009. — С. 95—117.

6. Гніламёдаў, У. В. Драматургія. “Паўлінка”, “Прымакі”, “Раскіданае гняздо” / У. В. Гніламёдаў // Янка Купала : жыццё і творчасць / У.  Гніламёдаў.— Мінск, 2012. — С. 134—139.

7. Мядзелка, П. Пецярбург. Першая пастаноўка Паўлінкі / П. Мядзелка // Янка Купала. Для тых, якіх люблю : успаміны, эсэ, вершы, паэмы, п’еса / укладанне В. Шніпа. — Мінск, 2017. — С. 97—106.

8. Мядзелка, П. Пецярбург. Першая пастаноўка Паўлінкі" / П.  Мядзелка // Янка Купала. "Мне сняцца сны аб Беларусі..." :  успаміны, эсэ, артыкулы, дакументы / [укладанне Галіны Шаблінскай]. — Мінск, 2012. — C. 138—145.

9. Сабалеўскі, А. Грань вялікага дару / А Сабалеўскі // Майстры, падзеі, акалічнасці : нарысы, артыкулы, эсэ / А. Сабалеўскі. — Мінск, 2011. — С. 95—108. (абласная бібліятэка).

10. Шаўлоўская, М. Ф. Янка Купала / М. Ф. Шаўлоўская // Беларуская драматургія / М. Ф. Шаўлоўская. — Мінск, 1981. — С. 30—49. (абласная бібліятэка)

11. Юрэвіч, У. “Шляхам жыцця”, “Сон на кургане”, “Паўлінка” / У.  Юрэвіч // Янка Купала : нарыс жыцця і творчасці. — Мінск : Народная асвета, 1983. — С. 111–—134.

bottom of page