Янка Купала
1882-1942
Цяпер стаіць тут светлы дом,
Музей славутага паэта.
А. Астрэйка.
Захаванню памяці Песняра ў нашай краіне заўседы надавалася вялікае значэнне. Памяць пра Янку Купалу ўшаноўваецца беларускім народам.
Яго імя прысвоена Беларускаму Дзяржаўнаму тэатру ў Мінску, Інстытуту літаратуры АН Беларусі, Гродненскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту. Музей-кватэра адкрыта ў сяле Пячышчы Верхнеўслонскага раёна Татарстана (у 13 км ад Казані).
У яго гонар названы вуліцы, бібліятэкі , навучальныя і культурна-адукацыйныя ўстановы многіх абласных і раённых цэнтраў Беларусі. Заснавана Дзяржаўная літаратурная прэмія імя Янкі Купалы, сярод лаўрэатаў якой М. Танк, П. Панчанка, У. Дубоўка, А. Макаёнак, А. Куляшоў, К. Крапіва і інш.
Помнікі Янку Купалу ўзвышаюцца ў Мінску – у парку імя Янкі Купалы і на вайсковых могілках на магіле паэта. Помнікі таксама ўстаноўлены ў Купалаўскім мемарыяльным запаведніку “Вязынка”, у Араў-парку ў ЗША, на Кутузаўскім праспекце ў Маскве. Устаноўлены мемарыяльныя дошкі на дамах, дзе ў розныя часы жыў Я. Купала: у Вязынцы, у Ляўках, у в. Яхімоўшчына Маладзечанскага раёна, у в. Сенніца Мінскага раёна, у в. Беларучы, у в. Старая Беліца Сенненскага раёна, у Санкт- Пецярбургу, Смаленску, Кіславодску, паселку Пячышчы каля Казані, вёсцы Соф’іна Раменскага раёна Маскоўскай вобласці, Вільнюсе, паселку Гаспра каля Ялты.
Імем Янкі Купалы названы караблі Дунайскага і Волжскага параходстваў.
Пасольства Рэспублікі Беларусь у Дзяржаве Ізраіль выступіла з ініцыятывай надаць імя Янкі Купалы адной з вуліц ці плошчаў у горадзе Аштод, шостым па велічыні ў гэтай краіне, у якім пражывае вялікая беларуская дыяспара. Супрацоўнікі музея накіравалі навуковую даведку пра стасункі паэта з прадстаўнікамі яўрэйскага народу і яго станаўленне да праблемы антысемітызму. Яшчэ ў 1911 годзе паэт выказаў сваю грамадскую пазіцыю па гэтым пытанні, калі разам з М. Горкім, А. Талстым, У. Крыленкам, А. Блокам і іншымі дзеячамі культуры падпісаў зварот “Да рускага грамадства” супраць “справы Бейліса”. Адказ атрымалі станоўчы – плошча Янкі Купалы хутка з’явіцца ў Ізраілі.
Вандроўка па купалаўскіх адрасах можа падацца бясконцай. З ім, паэтам першай велічыні, яснай зоркай беларускасці — ўся Беларусь. І куды не кінеш вокам, усюды, здаецца ёсць тая лапінка зямліцы, якая мае дачыненне да жыцця паэта, і да яго творчай спадчыны.
Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы
Заснаваны музей 19 мая 1944 года паводле пастановы №2268 СНК БССР. Адчынены 20 верасня 1945 года ў адпаведнасці з пастановай № 1139-292 ад 4 жніўня 1945 года “Аб увекавечванні памяці Янкі Купалы”.
Першым дырэктарам 31 чэрвеня 1944 года прызначана Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, жонка Янкі Купалы, заслужаны дзеяч культуры БССР. З першых гадоў існавання літаратурны музей разглядаўся як першакрыніца ведаў пра першага народнага паэта Беларусі і іх шырокай папулярызацыі сярод музейных наведвальнікаў.
Калекцыі музея пачалі фарміравацца ў 1944 года. Дзякуючы вялікім намаганням Уладзіславы Францаўны, супрацоўніками музея сабраны найкаштоўнейшыя матэрыялы.
Сучасная экспазіцыя Дзыржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы складаецца з 7 залаў і мемарыяльнай часткі. Створана яна ў 1976 годзе па праекце Эдуарда Агуновіча, вядомага мастака і дызайнера; на пачатку 1990-х мадэрнізавана.
Перамены, якія перажывала грамадства ў гэты час, далі магчымасць па-новаму паглядзець на творчую спадчыну Янкі Купалы, а дакладней, гэты час адкрыў нам шмат невядомага пра літаратурную і грамадскую дзейнасць паэта.
За годы існавання Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы супрацоўнікамі ўсіх пакаленняў праведзена грунтоўная праца па фарміраванні музейных калекцый. У зборах музея захоўваюцца рукапісы і дакументы Янкі Купалы, асабістыя рэчы і фотаздымкі паэта, сфарміраваны вялікі кніжны фонд (каля дзесяці тысяч адзінак), з якіх амаль паўтары тысячы – з творамі паэта. Музей валодае багатай калекцыяй твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кінаархіў музея захоўвае відэа і фоназапісы выступленняў Янкі Купалы і інш. Сёння асноўны фонд музея налічвае больш за 38 тысяч музейных прадметаў.
Захаванню памяці песняра ў нашай краіне заўсёды надавалася вялікае значэнне. Найбольш значныя мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю Янкі Купалы, мемарыялізаваны. На матэрыялах музейных фондаў створаны і дзейнічаюць чатыры філіялы музея Янкі Купалы: “Вязынка”, “Ляўкі”, “Акопы”, “Яхімоўшчына”.
Вязынка
Толькі Вязынку, хату Купалы,
Наш народ захавае навек,
Бо і сёння адгэтуль нямала
Пачынаецца песенных рэк.
Пімен Панчанка.
Вязынка (Маладзечанскі раён). Гэта самы прыцягальны для турыстаў куточак з усіх купалаўскіх мясцін. Тут 7 ліпеня 1882 года ў сям’і Дамініка і Бянігны Луцэвічаў нарадзіўся будучы паэт. Са старадаўніх часоў на беразе рэчкі, якая носіць такую ж назву Вязынка, у чэрвеньскую ноч моладзь святкавала Купалле, самае старажытнае дахрысціянскае свята беларусаў.
Менавіта ў гэта свята і нарадзіўся будучы паэтычны геній, калі зацвітае, па паданні, папараць-кветка, якая прыносіць людзям шчасце. Літаратурны талент Купалы і сапраўды расквітнеў, і ўпершыню за многія гады беларускі народ адчуў сваю гістарычную значнасць і веліч.
З усіх філіялаў Літаратурнага музея Янкі Купалы “Вязынка” — самы старэйшы. Ён быў адкрыты 20 чэрвеня 1948 года.
У красавіку 1972 года Савет Міністраў прыняў рашэнне аб стварэнні літаратурна-мемарыяльнага запаведніка “Вязынка” з плошчай амаль у 22 гектары.
На базе навуковага апісання, успамінаў старажылаў вёскі, чарцяжоў адноўлена хата ў такім выглядзе, калі ў ёй жылі Луцэвічы. У будынку — і тагачаснае абсталяванне, і прадметы вясковага ўжытку: печ, стол, калыска, хадунок, лыжкі… У двух пакоях размешчана гісторыка-літаратурная экспазіцыя жыццяпісу і творчасці Янкі Купалы. У адноўленным будынку свірна створана літаратурна-этнаграфічная сезонная экспазіцыя, прысвечаная народным святам і абрадам, якія знайшлі адлюстраванне ў творах паэта.
На галоўнай алеі ўстаноўлены бюст Янкі Купалы (скульптар Заір Азгур).
Па рашэнню ЮНЕСКА Вязынка ўключана ў міжнародны маршрут турызму.
Ляўкі
Ляўкі (Аршанскі раён). Упершыню сюды Янка Купала завітаў у красавіку 1935 года на чале групы беларускіх пісьменнікаў. Ляўкі былі выбраны і месцам, дзе на выдзеленыя дзяржавай грошы – у сувязі з 30-годдзем яго творчай дзейнасці, паэт пабудаваў дачу. Гэта мясціна ў Копыскім лясніцтве, дзе сярод высокіх соснаў на беразе Дняпра знаходзілася дача паэта, якое для ўжо немаладога Купалы было ратавальным прытулкам ад жорсткай і небяспечнай рэчаіснасці 1930-х гадоў.
З 1935 да 1941 года Янка Купала прыязджаў у Ляўкі штогод на пачатку вясны і ад’язджаў з іх позняй восенню. Тут створаны вядомы “Ляўкоўскі цыкл”.
Адсюль 30 чэрвеня 1941 года Янка Купала выехаў у Маскву. Праз колькі дзен дача згарэла пад артабстрэлам.
У 1962 годзе ў будынку былой канторы Копыскага лясніцтва на грамадскіх пачатках быў створаны філіял Літаратурнага музея Янкі Купалы.
З 1977 года ўстанова набыла статус дзяржаўнай, а з наступнага года – гэта Купалаўскі мемарыяльны запаведнік “Ляўкі” плошчай 19 гектараў. Адноўлены дачны дом паэта і гараж, у якім экспануецца падораны яму ўрадам у 1935 годзе аўтамабіль “Шэўрале”.
Цэнтральнае месца ў мемарыяльным комплексе “Ляўкі” займае скульптурная кампазіцыя А. Анікейчыка “Восень паэта”.
Акопы
Акопы (Лагойскі раён). У 1909 годзе хутар Акопы пачала арандаваць маці паэта. Сюды яна пераехала разам з трыма дачкамі: Ганнай, Марыяй і Леакадзіяй. У 1911 годзе, вярнуўшыся з Пецярбурга у Акопы ўпершыню завітаў і сам паэт.
Акопы – чароўнае месца на Лагойшчыне, якое для Купалы стала сапраўднай крыніцай натхнення.
Тут, на Лагойскай зямлі Янка Купала напісаў больш за 80 вершаў, паэмы “Бандароўна”, “Магіла льва”, “Яна і я”, п’есы “Паўлінка”, “Прымакі”, “Раскіданае гняздо”, “Тутэйшыя”, драматычную паэму “Сон на кургане”, зрабіў пераклад “Слова пра паход Ігаравы”.
Філіял “Акопы” адкрыты ў 1992 годзе да 110-гадавіны з дня нараджэння Янкі Купалы і складаецца з дзвюх частак: першая, літаратурная, знаходзіцца ў вёсцы Харунжыцы; другая, мемарыяльная, — за 2 кіламетры ад яе, на месцы колішняга хутара Акопы.
На хутары ад даўніх пабудоў засталіся толькі падмуркі, сімвалічны зруб на месцы былой студні ды агромністы камень – валун са страфой Янкі Купалы з верша “З кутка жаданняў”.
Ля музейнага будынка ў 1992 годзе пастаўлены помнік “Малады Купала” (скульптары – А.Заспіцкі і Г. Мурамцаў).
Яхімоўшчына
Яхімоўшчына (Маладзечанскі раён), месца, якое залатымі літарамі ўпісана ў біяграфію Янкі Купалы і гісторыю нашай літаратуры, месца, дзе Пясняр і прарок Янка Купала здолеў па-філасофску асэнсаваць становішча свайго народа – народа, які ў пачатку ХХ стагоддзя адчуваў сябе лішнім на сваёй зямлі і быў ізаляваны ад сваёй гісторыі і культуры. Магутны паэтычны талент Купалы ўзняў духоўныя каштоўнасці нашага народа на новы ўзровень, вярнуў яму гістарычную спадчыну і пачуццё ўласнай годнасці.
Безумоўна, месца, дзе паэт упершыню адчуў такія памкненні, не магло не адпавядаць душэўнаму стану будучага песняра. Велічная прырода, працавітыя і адораныя людзі натхнялі і ўмацоўвалі яго талент. Тут за 20 кіламетраў ад Маладзечна ў напрамку да Ліды, у 1906-1907 гадах Янка Купала працаваў памочнікам вінакура на бровары ў маёнтку пана Любанскага. У Яхімоўшчыне былі напісаны паэма “Нікому”, вершы “А хто там ідзе?”, “Ворагам беларушчыны”, “З песень нядолі”, “Дайце мне волю”, “Не тужы”, “Што ты спіш”. Гэтыя і іншыя творы склалі потым першы зборнік паэта “Жалейка”.
Філіял размешчаны ў тым самым доме, дзе жыў Янка Купала. Дарэчы, гэта адзіны прытулак паэта, які захаваўся. Намаганнямі тагачаснага старшыні калгаса Генадзя Іванавіча Бошкі яго сучасным жыхарам былі прадстаўлены асобныя кватэры, а ў доме стала магчымым весці рэстаўрацыйныя работы, стварыць экспазіцыю, якая, адлюстроўвае нашаніўскі перыяд у творчасці Янкі Купалы.
Філіял “Якімоўшчына” адкрыты 30 мая 2001 года.
Спіс літаратуры:
1. Галоўка, С. Волжскі бераг Янкі Купалы : [па слядах класіка на татарскай зямлі] / С. Галоўка // Беларуская думка. — 2019. — № 3. — С. 62—71.
2. Леонович, Ю. Дом открытых дверей : самые занимательные экспонаты Купаловского дома, возведенного на том самом месте, где до лета 1941-го жил главный белорусский Песняр / Ю. Леонович // СБ. Беларусь сегодня. — 2020. 1 октября. — С. 14.
3. Ляшковіч, А. Імя Купалы на карце свету : [да 130-годдзя Янкі Купалы] / А. Аляшковіч // Літаратура і мастацтва. — 2012. — №20. — С.4.
4. Мацевасян, А. З гісторыі дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы : [да 65-годзя з дня заснавання] / А. Мацевасян // Роднае слова. — 2010. — №9. — С. 97-100.
5. Попко, Ю. Купаловское прочтение : [музей-квартира Янки Купалы в Казани] / Ю. Попко // Рэспубліка. — 2019. — 12 лістапада. — С. 10—11.
6. Раманоўская, Я. “Роднай нівы я мільённая часціца...” : [Вязынка] / Я. Раманоўская // Маладосць. — 2011. — №6. — С. 136—139.
7. Трус, М. З невядомасці : Янка Купала ў ЗША / М. Трус // Літаратура і мастацтва. — 2020. — 10 ліпеня. — С. 11.
8. Трус, М. Ранняя шаўчэнкіяна Янкі Купалы: геаграфія вядомасці і прызнання / М. Трус // Роднае слова. — 2019. — № 12. — С. 14—18.