Янка Купала
1882-1942
Лета 1935 года для Янкі Купалы было плённым перыядам у творчасці. Паэт напісаў 18 твораў, вядомых пад назвай “Ляўкоўскі цыкл”. У Ляўках пад Оршай, на беразе Дняпра была дача Купалы. Там паэт жыў ад прылёту птушак да іх адлёту, ад вясны да восені. Тут цудоўныя мясціны: круты бераг Дняпра выгінаецца шабляю, ззаду падступае магутны лес, а навокал шмат арэшніку, кустоўя.
Купала быў чалавекам хлебасольным, часта прымаў гасцей у сваёй хаце. У яго бывалі не толькі вядомыя пісьменнікі з Масквы і Мінска, але і мясцовыя, і калгаснікі. Паэт любіў сялян, часта і сам бываў сярод іх. Як вынік такіх частых сустрэч, з’явіліся вядомыя вершы Ляўкоўскага цыкла. Гэта былі вершы пра новае калгаснае жыцце. Творамі Ляўкоўскага цыкла Янка Купала адкрываў новую старонку не толькі ў беларускай, але і ва ўсёй савецкай паэзіі. “Уся беларуская паэзія 30-х гадоў выйшла з “Ляўкоўскага цыкла” Янкі Купалы”, — пісаў крытык М. Стральцоў. Вершы вельмі характэрныя для свайго часу. Паэт славіў сучаснасць там, дзе было за што славіць і дзе было пра што расказаць.
У плане маналога напісаны верш “Лен”, які так узрушыў Максіма Горкага, што ён напісаў на ражку рукапіса “Славно!”. У вершы такая раўнавага кахання і працы, такая неразлучнасць аднолькава высокіх пачуццяў, што палоніць ён небывалай гармоніяй зместу і формы, захапляе высакароднай вернасцю народным працоўным звычаям.
Міхась Лынькоў заўважыў: “Прачытайце… Ой, лянок, лянок мой чысты, валакністы, залацісты!” – гэта светлы гімн працы і каханню чалавечаму, нібы сатканы з сонечных праменняў і вясновых вятроў, — і вы адчуеце ўсе непаўторнае хараство купалаўскага слова, гарачы подых шчырых чалавечых пачуццяў, захапляльную глыбіню думкі песняра Янкі Купалы”.
Маляўнічы па сваёй атрыбутыцы, узрушаны па светламу эмацыянальнаму запалу, выразны па народнаму ладу верш “Госці” гучыць урачыста, святочна.
І селі мы з павагай дзіўнай нейкай
За стол, дзе быў пірог, і лен, і мёд…
За хатай заліваўся салавейка,
Гудзеў над хатай гулкі самалет.
Такога гонару не меў ніколі.
Як я на гэтае зямлі жыву,
Каб так віталі мяне хлебам-соляй
І то не ў сне якім, а на яву.
Купала — чалавек сціплы, не ўмеў выстаўляць сябе напаказ і вельмі бянтэжыўся ад такога высокага гонару, якім ушаноўваў яго народ. Між іншымі ў народзе сваім ён надзвычай высока цаніў такія рысы характару, як сціпласціь і працавітасць. Сціплым, шчырым імкнуўся заставацца Купала і ў сваёй паэзіі.
Верш “Алеся” – мацярынская песня аб незвычайнай долі дачкі. Купалаўская Алеся ўвасобіла ў сябе лепшыя рысы новага пакалення моладзі, падняўшыся да аблокаў, стаўшы лётчыцай-парашутысткай. “Гадавала матуля дачушку Алесю”, але, нават дзякуючы самай багатай фантазіі нельга было ўявіць, якая доля чакала вясковую дзяўчыну. “Не згадала матуля, што выйдзе з Алесі”. Крылом самалета калыша воблакі дзяўчына, і з прытоеным жалем, ледзь згаданай іроніяй паэт зазначае, што ўжо з-пад сонца дзяўчына не зляціць да прасніцы, за якой ля ваконца ў сялянскай хаце дзень і ноч марыць аб дачцы яе старэнькая маці. Верш напісаны проста, задушэўна, немудрагеліста, з выкарыстаннем паэтыкі народных песень.
Побач з “Алесяй” можа быць пастаўлены верш “Хлопчык і лётчык”. Не па канкрэтных сітуацыях, звязанных з палётам, а па тым адчуванні сталасці, што нараджаецца ў сямігадовага дзіцяці пад уплывам новай рэчаіснасці. Нездарма ж успамінала маці першага ў свеце касманаўта Юрыя Гагарына пра тое, як яе сямігадовы сынок, пайшоўшы ў першы клас, сваім любімым вершам назваў Купалавага “Хлопчыка і летчыка” і прачытаў яго перад усімі дзецьмі на памяць.
Багатую спадчыну пакінуў нам Янка Купала. Кожны твор поўны вялікай праўды жыцця, выклікае шчырыя парывы пачуццяў і новыя ўзлеты думкі. І ніводзін радок багатай Купалавай спадчыны не ашукае вашага даверу. Яго вершы жывуць і будуць жыць праз стагоддзі. Час не мае над імі ўлады.