Янка Купала
1882-1942
Ці ж людзі сонца згасіць могуць,
Згасіць,як свечку, якасць дня?
І волі дэспаты не змогуць,
Бо воля сонейку раўня.
Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!
Янка Купала
Жыццёвы шлях паэта не заўсёды быў лёгкім. Яшчэ больш складаным часам з’яўляўся шлях да чытача яго твораў. У творчай спадчыне Янкі Купалы ёсць цэлыя нізкі вершаў, якія доўгі час замоўчваліся, альбо з іх “выкрэсліваліся” цэлыя абзацы, перайначваліся радкі, апускаліся строфы. Паасобныя творы пры жыцці паэта ніколі не друкаваліся.
Зусім не друкаваліся ў пасляваенны час вершы Янкі Купалы нашаніўскага перыяду. Не друкаваліся найперш з-за цэнзурных меркаванняў. Не маглі ідэолагі новага часу чуць пра цяжкае беспрасветнае жыццё края “за расейцамі”, калі народ “мальбішчам чужым б’е пакора паклоны”, а “наведзены струны ў скрыпках па-свойску чужая зрывае рука”, у якіх выразна чуўся заклік устаць “забранаму краю”:
Выходзяць, ідуць ад парога к парогу,
На стогн жывых грозна глядзяць.
І з ветрамі, з бурамі б‘юць на трывогу:
“Забраны край” клічуць устаць.
У спадчынных матывах вырашаны верш “Беларушчына”. Ён пра нялёгкую гісторыю народа і края, пра ідэю нацыянальнага адраджэння, якая сотні гадоў займала галовы беларусаў, і тыя ўмовы, якія неабходны, каб ёй прарасці ў будучыню і даць добрыя ўсходы (“І круцілі цябе, як каму падабалася, /Кожны строіў, наводзіў цябе на свой строй, на свой лад…”; “…пад права тваё падрываецца шмат хто, як крот…”). Але паэт сцвярджае:
Як жыла і жывеш, будзеш жыць Беларушчына:
Зразумеў і ўспомніў цябе твой мільённы народ.
Не магла прапусціць тагачасная цэнзура вершы, у якіх выразна паўставала ідэя нацыянальнага-культурнага адраджэння, дзе шла гутарка пра ратаванне цэлага народа, Купала быў аб’ектыўным у сваіх творах; ён выказваўся ў вершах пачатку новага стагоддзя і супраць засілля расейшчыны і супраць прыцяснення польскіх улад, супраць спроб “падгарнуць” пад сябе Беларусь (верш “Папросту”). Пра гэта ж сатырычны верш “Сваякі”:
Раз абселі Беларуса
Маскалі ды ляхі,
І давай яму сваяцтва
Тыцкаці з-пад пахі.
Гэтыя творы доўгі час былі невядомымі масаваму чытачу. А разам з тым у іх – гістарычны вопыт народа, багатае ўнутранае жыццё людзей, горкае расчараванне лёсам свайго народа, які вымушаны выпіць “да дна” ўсе людскія беды і пакуты.
У новы час апынуліся ў забыцці вершы “Над Нёманам”, “З мінулых дзён”, “Брату – Беларусу”, паэма “На куццю”. Асабліва не пашанцавала тым творам Купалы, дзе згадвалася роля беларускага слова, гаварылася з папрокам “змарнеламу чалавеку”, што “сваю пушчаеш песню ў здзек, чужою славіш нават Бога!”.
У савецкі час чытач быў пазбаўлены магчымасці пазнаёміцца з многімі творамі паэта, ці знаёміўся з імі “абгабляваванымі”: “Свайму народу”, “Крыўда”, “Наша гаспадарка”, “Перад будучыняй” і інш.
Гэтыя творы вельмі значныя па сваіх ідэйна-мастацкіх якасцях, без іх паэт паўставаў у сваёй творчасці не такім глыбокім, аналітычным, філасофска-разважлівым, трагедыйным, якім ён быў на самой справе. Забараняліся творы найбольш з ідэйных меркаванняў – тыя, дзе былі заклікі паўстаць “з цьмы”, “уваскрэснуць”, “устаць”, “выпрастаць душы”.
Там чутна: Беларусь! Там – Незалежнасць!
А там – “Паўстань пракляццем…” Ну, а мы?
Мы ў страху… дум крутня… разбежнасць…
Без толку крыллем лопаем, як цьмы.
О так, як цьмы, як спуджаны вароны!..
І слухаем и нюхаем, тут, там:
Які павеяў вецер на загоны, –
Заходні, ўсходні, й ці ад нас, ці к нам?
…Няўжо кліч вечны будзе ў нас напрасны –
Кліч бураломны: вызваленне з пут!?
(“Перад будучыняй”)
Купала – паэт бескампрамісны, ён не падладжваўся і не мяняў сваіх поглядаў, ён жыў бедамі і трывогамі беларускага народа. Таму тыя творы, ў якіх найбольш яскрава выявіліся трывогі, надзеі, нараканні беларусаў, менш за ўсё трапляліся на вочы самім беларусам, вершы трымалі наводдаль альбо зусім не паказвалі чытачу. Кожнае слова тут да месца, мае свой сэнс, нясе ўнутраны энэргетычны зарад. Тут няма нязначных дэталяў, выпадковых слоў, літаратурных штампаў. Ёсць жывая інтанацыя, глыбінная думка.
“Рэпрэсіраваныя” творы Я. Купалы, — як і ўся яго паэзія, гэта глыбокае сведчанне неўміручасці слова выдатнага майстра, любоў паэта да беларускага народа і да “забранага краю” – роднай, шматкутнай, але гордай і духоўна багатай Беларусі.
Спіс літаратуры:
1. Гніламёдаў, У. В. Паэт і таталітарызм / У. В. Гніламёдаў // Янка Купала : жыцце і творчасць / У. В. Гніламёдаў. — Мінск : Беларуская навука, 2012. — С.227 —233.
2. Навумовіч, У. А. Класікі беларускай літаратуры. Янка Купала / У. В. Навумовіч // Беларуская літаратура : вучэбны дапаможнік / У. В. Навумовіч. — Мінск : Вышэйшая школа, 2007. — С. 203—238.
3. Тарас, А. Творы Купалы, якія забараняла савецкая цэнзура / А. Тарас // Янка Купала : Прарок беларускага народа. — Мінск : Харвест, 2016. — С. 15—34.