Жывы і агністы сказ
Каля сямідзесяці гадоў гучаў ў беларускай паэзіі голас Максіма Танка. Паэт пакінуў нашчадкам вялікую, мудрую, павучальную спадчыну, творчыя абсягі якой надзвычай шырокія. Але “песня песняў” паэта — пра радзіму, якая ўвайшла ў творчасць з першых яго радкоў. Ствараючы вобраз радзімы, Максім Танк гаварыў пра яе гісторыю і паданні, яе маляўнічыя краявіды, стагоддзі працы, мар і спадзяванняў, пра яе шчыры сумленны народ, яе спеўную мілагучную мову. Усё гэта паэту не аднойчы даводзілася абараняць.
Так, адзін з ранніх вершаў “Калі няма на свеце маёй мовы...” быў напісаны ў сувязі з выказваннем тагачаснага польскага міністра асветы, што праз дзесяць год у Польшчы (да верасня 1939 г. часткай Польшчы з’яўлялася Заходняя Беларусь) нават са свечкамі не знойдзеце ніводнага беларуса. Такія адносіны да беларускай мовы і яе носьбіта, народа, былі досыць распаўсюджанай з’явай. У творы выявіўся характэрны для Танка іранічна-ацэначны падыход да з’явы, у ім гучыць не проста непагадненне, абурэнне, а знішчальны смех.
Сустрэча з жывым народным словам для Танка заўсёды была прыемнай падзеяй. 3 “вандроўкай праз сёлы, праз край шырокі, вясёлы” не маглі зраўняцца падарожжы ў самыя экзатычныя краіны. Бо гэта вандроўка не проста ў дарагое, блізкае з дзяцінства, а, як піша паэт, — у невядомае, неадкрытае.
У “Дзённіках” сустракаем Танкаў запавет самому сабе: “не быць пустазеллем на сваёй зямлі”, гэта значыць,
шчыра і аддана любіць яе і служыць ёй, любіць родную мову, народ, сярод якога нарадзіўся. Родная зямля для паэта была “хлебам надзённым”, гэта значыць — самым дарагім, самым неабходным у жыцці. Яна — лёс і жыццё паэта. Іншы хлеб — другая Радзіма, другая зямля паэту не патрэбны.
Любоў да сваёй зямлі, мовы, да нялёгкай сялянскай працы Максім Танк атрымаў ў спадчыну ад родных і блізкіх людзей. Не аднойчы паэт звяртаўся да іх вобразаў у творах, з павагай і захапленнем расказваючы пра бабку Улляну, дзеда Хведара, дзядзькоў Фадзея і Ціхана, пра маці і бацьку. Талент мастака сваё, асабістае рабіў тыповым, агульнапазнавальным. Так, у вершы “Рукі маці” паўстае вобраз беларускай жанчыны, сялянкі.
Паэзія Максіма Танка цесна злучана з зямлёй, з першаасновамі сялянскага жыцця. Святымі для паэта былі спрацаваныя рукі селяніна, стол, ручнік, бохан хлеба. Лірычны герой верша “Перапіска з зямлёй” атрымаў адказ толькі на адзін ліст — “напісаны плугам”. Зямля адказала хлебным караваем. Іншыя пісьмы, што пісаліся пяром паэта, “смыкамі ўсіх скрыпак”, “якарамі і мачтамі караблёў”, “штыком і сапёрнай лапатай” і г. д., зямля пакінула без адказу. З гэтага, вядома, не вынікае, што пісьменнік лічыць нявартымі ўсе роды дзейнасці чалавека, акрамя хлебаробства, сярод якіх згадваецца і абарона айчыны ад ворага. У творы Максім Танк гаворыць пра ўзаемаадносіны чалавека з зямлёй, а зямлі, каб яна каласілася збожжам, радавала ўраджаем, патрэбны дбайныя, гаспадарскія, сялянскія рукі.
Сваімі творамі М. Танк імкнуўся навучыць нас бачыць у жыцці прыгожае, узвышанае. Сам ён быў вялікім творцам і вялікім адкрывальнікам таямніц, багацця, эстэтычнай напоўненасці з'яў, прадметаў роднага беларускага свету.
Літаратура
1. Арочка, М. Максім Танк : жыццё ў паэзіі / М. Арочка. — Мінск, 1984. — 272 с.
2. Базар, Н. Жанравая форма санета ў творчасці Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Ніла Гілевіча і Соф’і Шах / Н. Базар // Роднае слова. — 2020. — № 5. — С. 22—24.
3. Бельскі, А. Вобраз — сімвал сонца ў паэзіі Максіма Танка / А. Бельскі // Галасы і вобразы. — Мінск, 2008. — С. 68—74.
4. Гарэлік, Л. “Зямля мая, любоў мая…” : развагі пра творчасць Максіма Танка / Л. Гарэлік // Роднае слова. — 2002. — № 9. — С. 5—10.
5. Гніламёдаў, У. Над старонкамі паэзіі Максіма Танка / У. Гніламёдаў // Полымя. — 2006. — С. 210—222.
6. Іванова. І. Максім. Словы пра паэта Максіма Танка / І. Іванова // Звязда. — 2012. — 9 чэрвеня. — С. 7.
7. Калядка, С. Духоўная эмоцыя на прыкладзе аналізу вершаў Максіма танка і Яўгеніі Янішчыц / С. Калядка // Роднае слова. — 2019. — № 1. — С. 8—12.
8. Ліпскі, У. Бай, лірнік, бай! : да 100-годдзя Максіма Танка / У. Ліпскі // Літаратура і мастацтва. — 2012 — 29 чэрвеня. — С. 5.
9. Мойскі, А. “Каб ажывіць усмешку, я вусны мармуровыя цалаваў” : розныя віды мастацтва ў паэзіі Максіма Танка / А. Мойскі // Роднае слова. — 2018. — № 10. — С. 17—20.
10. Мойскі, А. Паэзія Максіма Танка як навігатар па мастацтве розных краін свету / А. Мойскі // Роднае слова. — 2018. — № 8. — С. 16—18.
11. Прыходзька, П. На хвалях часу / П. Прыходзька // На хвалях часу. — Мінск, 2005. — С. 12—22.
12. Рагойша, В. “Вершы мае — часовыя прыстанішчы…” / В. Рагойша // Роднае слова. — 2009. — № 1. — С. 20—23.
13. Рагойша, В. Каб ведалі… : [Максім Танк, творчасць] /В. Рагойша // Маладосць. — 2007. — № 9.— С. 108—114.
14. Рагойша, В. Максім Танк / В. Рагойша // Роднае слова. — 2001. — № 11. — С. 38—42.
15. Рагойша, В. Шлях да Максіма Танка / В. Рагойша // Полымя. — 1999. — № 9. — С. 159— 176.