Паэзія
Максіма Танка
ў беларускай
музыцы
Паэзія і музыка заўсёды цесна ўзаемазвязаныя, яны няспынна і плённа ўзбагачаюць адна адну.
Беларуская музыка багатая на прыклады такіх узаемааадносінаў. Яскравы ўзор — творы беларускіх кампазітараў, напісаныя на паэтычныя тэксты Максіма Танка.
Жанравае і стылёва-вобразнае багацце вершаў Максіма Танка, псіхалагізм, набліжаннасць да народна-песеннага тыпу паэзіі надаюць яго творам самабытнае гучанне.
Беларускіх кампазітараў прывабліваюць паэтычныя тэксты Максіма Танка. Яго вершы паклалі ў аснову сваіх твораў Мікалай Аладаў (хор “Праз лясы, балоты і паляны”), Уладзімір Алоўнікаў (хор “Партызанскія акопы”), Леў Абеліёвіч (раманс “Днём пагодным”, хор “Ой, не гніце, ветры…”), а таксама Ігар Лучанок, Юры Семяняка, Яўген Глебаў, Уладзімір Мулявін і інш.
Арганічна і глыбока ў беларускую камерна-вакальную і харавую музыку ўвайшла грамадзянская тэма — адна з галоўных у творчасці паэта. Яна ўтрымлівае ў сабе комплекс філасофскіх, маральных праблем і выступае ў трох аспектах: грамадзянска-публіцыстычным (маналогі “Быць чалавекам я рад” Дз. Смольскага, “Мой хлеб надзённы” Э.Тырманд), філасофска-этычным (цыклы “Закон захавання матэрыі” С. Картэса, “Зямное прыцягненне” Э. Тырманд) і інтэрнацыянальным (“Тост за дружбу” Э. Тырманд).
У кожнага паэта ёсць адзін ці некалькі вершаў, якія найбольш яскрава і глыбока характарызуюць яго творчую індывідуальнасць і непаўторнасць. З імем Максіма Багдановіча звязаны вершы “Пагоня” і “Зорка Венера”, з імем Янкі Купалы “Спадчына”, “Малітва”, “Явар і каліна” і г.д.
У Максіма Танка такім творам можна лічыць верш “Мой хлеб надзённы”:
Непакой за цябе, зямля мая,
За твой ураджай, спакойны сон,
За дрэва кожнае ў гаях,
За весніх песень перазвон,
Непакой за цябе, зямля мая, —
Мой хлеб надзённы.
У гэтых словах — увесь Максім Танк: напорысты, дзейсны і адначасова поўны роздуму пра чалавека, жыццё, час. Названы верш лёг у аснову твора Э. Тырманд “Мой хлеб надзённы”, напісанага ў жанры вакальнай балады-маналога. Найбольш тыповая яго рыса — удалае спалучэнне распеву і гукавай вобразнасці. Адна з характэрных якасцяў музычнай мовы маналога — яго апора на традыцыі класікаў, традыцыі народнай лірычнай песні.
Тыповая з’ява ў музычнай беларускай культуры пасляваеннага часу — стварэнне цыклаў на тэксты аднаго паэта, выкліканае імкненнем пашырыць кола вобразаў, як мага паўней і глыбей раскрыць ту ці іншую тэму, паказаць яе з розных бакоў, у розным асвятленні. Так з’явіліся цыклы рамансаў П. Падкавырава, Р. Пукста, Дз. Лукаса на тэксты Максіма Танка.
Цікавы вакальны цыкл С. Картэса “Закон захавання матэрыі”. Сем рамансаў аб’яднаныя лірыка-філасофскай тэмай. Роздум пра жыццё чалавека ў гэтым вакальным цыкле набывае публіцыстычны антываенны характар.
Цыкл Э. Тырманд “Зямное прыцягненне” — прыклад цеснага перапляцення грамадзянскай лірыкі і філасофскага роздуму. У ім пяць маналогаў, прысвечаных філасофска-этычнай праблематыцы: сувязі чалавека са светам, з прыродай, з іншымі людзьмі. Жыць неабходна так, каб можна было лёгка і без сораму азірнуцца назад, — менавіта такая філасофская тэма вершаў М. Танка, і аналагічным чынам яна адлюстравана ў музыцы Э. Тырманд.
Вялікае месца ў цыкле адводзіцца рамансам дэкламацыйнага складу, што надае ім рысы маналога. Характар музыкі — сурова-засяроджаны, яна ўвасабляе мову чалавека, што гучыць надзвычай музыкальна. Цыкл вылучаецца цэласнасцю драматургічнага развіцця, якое заканчваецца дасягненнем кульмінацыі ў апошнім маналогу. Маналогі насычаны танцавальнымі рытмамі, імітацыямі цымбальных найгрышаў.
Шэраг цудоўных твораў на вершы М. Танка напісаны беларускімі кампазітарамі, натхнёнымі маляўнічымі нарачанскімі пейзажамі, — раманс “Нарач”, хор “Аб Нарачы” А. Багатырова, хары “Спакойна дрэмле Нарач” Ю. Семянякі, “Мой край нарачанскі” В. Сярых. Тэма прыроды адлюстравана ў светлай паэтычнай харавой мініяцюры “У садочку май” Дз. Лукаса, музыка якой блізкая да народнай.
На ваенна-патрыятычныя тэксты М. Танка напісаны харавыя песні “Мы вернемся” А. Багатырова і “Праз лясы, балоты і паляны” М. Аладава. Створаныя ў жанры харавой масавай песні заклікальна-гераічнага зместу, яны маюць рысы паходнага маршу.
Паэзія Максіма Танка прывабліваебеларускіх кампазітараў сваім пранікнёным лірызмам, глыбокай чалавечнасцю і філасофскай глыбінёй, нацыянальнасцю вобразнага мыслення і непаўторным музычным гучаннем вершаў.
Спіс літаратуры
1. Каваленка, А. Паэзія Максіма Танка ў беларускай музыцы / А. Каваленка // Роднае слова — 2000 — № 9 . — С. 101.