top of page

Пясняр Нарачы

naroch_1.jpg

Сваю паэму “Нарач“ (1935-1937)  Максім Танк называў юнацкай, хоць гады яе напісання — гэта пара высокай творчай сталасці паэта, упершыню так магутна выяўленай у гэтым творы. “Пішу ўступ, ці прадспеў, да паэмы пра Нарач, хоць, прызнацца, ніякага плана гэтай паэмы ў мяне яшчэ няма. Спадзяюся на музу: можа, яна, прачытаўшы мае першыя радкі, нешта падскажа… Калі пачынаў пісаць сваю “Нарач”, у мяне не было ніякага плана. Перш думаў напісаць верш, але гэты верш разросся пад пяром, як нейкі лазовы куст. Аж дзіўлюся цяпер, як я, без ніякай папярэдняй падрыхтоўкі і параўнаўча без сур’ёзнага творчага багажу, адважыўся ўзяцца за такую рэч… Пішучы сваю паэму, я хацеў расказаць аб цяжкім жыцці і гераічнай барацьбе нарачанскіх рыбакоў за кавалак хлеба, за свае правы на гэтую землю, на якой жылі і злажылі свае косці іх дзяды і прадзеды…”.

Так, паэма сапраўды навеена паэту выступленнем нарачанскіх рыбакоў. Польскі ўрад перадаў возера Нарач у арэнду памешчыку Яблонскаму і забараніў мясцовым людзям лавіць у ім рыбу. “Вясной і летам 1935 года, калі польскі ўрад пачаў рэалізоўваць свае планы, на Нарачы падняўся бунт рыбакоў, які галосным рэхам пракаціўся па ўсіх азёрах Вілейшчыны, Палесся і нават польскага Памор’я. Нарачанскія рыбакі, як адзін, падняліся на абарону сваіх азёр. Польскі ўрад быў вымушаны пайсці на ўступкі. Справа цягнулася некалькі год. Шмат рыбакоў было кінута за краты астрогаў, а яшчэ больш пакутавала ад здзекаў паліцыі і арандатараў. Толькі вызваленне Заходняй Беларусі палажыла канец пакутам рыбакоў.

Паэма па частках друкавалася у часопісе “Калоссе”. Некаторыя нумары гэтага часопіса былі канфіскаваны паліцыяй. Цэнзура бязлітасна выкрэслівала шматлікія радкі, строфы, апускала раздзелы. Асобнай кнігай “Нарач” выйшла ў выдавецтве “Калоссе” ў канцы 1937 года.

Гэта паэма выклікала высокую ацэнку тагачаснай польскай і беларускай крытыкі. Рыгор Шырма пісаў: “Хаця паэма ў цэласці не ёсць яшчэ паўнаспелы твор… але ў апошніх частках яе Максім Танк падняўся да самых вяршынь сапраўднай паэзіі”. С. Сасноўскі ў артыкуле “Пясняр Нарачы” заўважаў: “Край, сімвалам якога з’яўляецца сасна, бяроза і пясок, набірае ў яго адценні нейкай чароўнай краіны хараства. Стаім ў здзіўленні перад краявідамі, якія мы вельмі добра ведаем, якія мы лічылі за шэрыя, бедныя і сумныя, пазнаём іх і не можам пазнаць, стаім, зачараваныя іх праўдзівасцю і красой. Колькі трэба любві да гэтай зямлі, колькі паэтычнага таленту, каб стварыць такі вобраз яе, не ўжываючы фальшы і фікцыі. Зямля Нарачы і Нёману ад Міцкевіча не мела гэткага вялікага пясняра”.

Спіс літаратуры:

1. Бельскі, А. Пясняр і абаронца роднай прыроды / А. Бельскі // Краса і смутак. — Мінск, 2000. — С. 43—48.

2. Галоўка, С. Горад бунтарнай маладосці: па віленскіх адрасах Максіма Танка / С. Галоўка // Беларуская думка. — 2019. — № 7. — С. 40—49.

3. Крыжевич, И. «Вецер сваёй радзімы» Максим Танк / Ирина Крыжевич // Планета. — 2022. — № 3. — С. 20—27.

4. Падаляк, Т. Нарачанскія сосны Максіма Танка / Т. Падаляк // Дыялогі на мяжы стагоддзяў. Класікі і сучаснікі ў інтэр’еры часу : у 2 частках / Т. Падаляк. — Мінск, 2013. — Частка 1. — С. 53—63.

bottom of page