top of page

Калі няма на свеце маёй мовы…

мова.jpg

Сапраўдным шэдэўрам, узорам патрыятычнай лірыкі з’яўляецца верш “Родная мова”. 

Верш напісаны ў 1943 годзе, у крытычны і трагічны для Радзімы час, калі над ёй стаяў “акрываўлены вораг з пятлёй”, стаяў “над спаленай хатай, над родным загонам, над будучыняй...”. “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” — папярэджваў і заклікаў славуты паэт-дэмакрат Францішак Багушэвіч. Слова ратуе душу, душа ратуе слова і першая страфа верша “Родная мова” гучыць светлым, радасным гімнам неўміручаму роднаму слову:

З легендаў і казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
З сузор'яў і сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлівых крыніц,
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго, —
Ты выткана, дзіўная родная мова.

Філасофскае ўсведамленне паэта, што ўсё ў гэтай бітве святла з цемрай вызначыць сіла духоўнасці, знайшло незвычайнае вырашэнне ў вершы, галоўная думка якога такая: пакуль жыве мова — жыве народ, бо мова — ёсць выяўленне духоўнасці народа, яго сілы і непераможнасці. 

Верш напісаны ў форме лірычнага прачулага звароту да мовы, змест якога — прызнанне ў любові, выяўленне душы, што поўніцца пачуццямі захаплення, удзячнасці, веры і надзеі. Тварэц мовы — народ, ў мове — яго гісторыя, яго традыцыі, яго душа. Мова — святыня народа, бяссмерце яго, сцвярджае паэт. 

Верш гучыць як клятва вернасці Радзіме і мове — таму, «што было і што век будзе вольным». Багатая наша родная мова («Няма на зямлі таго шчасця і гора, Якога б ты нам перадаць не змагла».), вялікая і натхняючая яе сіла: 

Няма такіх нетраў, глыбокага мора 

I гор, праз якія б ты не правяла 

Мяне на Радзіму, туды, дзе сягоння 

Стаіць акрываўлены вораг з пятлёй 

Над спаленай хатай, над родным загонам, 

Над будучыняй і над песняй маёй, — 

Над тым, што было і што век будзе вольным. 

У заключнай страфе родная мова сімвалізуе перамогу, адраджэнне знявечанай вайной зямлі. Паэт верыць, што яна не толькі не загіне, не скарыцца чужынцу, але зноў прашуміць вясновым дажджом, зазвініць у кожнай хаце, усміхнецца вуснамі дзіцяці.

З легендаў i казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў i пшанiц,
З сузор'яў i сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлiвых крынiц.
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, i з радасцi, i з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святынi народа, бяссмерця яго, –
Ты выткана, дзiўная родная мова.

Няма на зямлi таго шчасця i гора,
Якога б ты нам перадаць не магла.
Няма такiх нетраў, глыбокага мора
I гор, праз якiя б ты не правяла
Мяне на радзiму, туды, дзе сягоння
Стаiць акрываўлены вораг з пятлёй
Над спаленай хатай, над родным загонам,
Над будучыняй і песняй маёй –
Над тым, што было i што век будзе вольным.

Народ пранясе цябе, родная мова,
Святлом незгасальным у сэрцы сваiм
Праз цемру і годы змаганняў суровых.
Калi ж ападзе і развеецца дым
I нiвы васкросшыя закаласяцца, –
Iзноў прашумiш ты вясновым дажджом,
Iзноў зазвiнiш ты у кожнай у хаце,
Цымбалам дасi iх сарэбраны гром
I вусны расквецiш усмешкай дзiцяцi.

1943

 

Спіс літаратуры

1. Танк, М. Мне пару крыл дало юнацтва... : выбраная лірыка / М. Танк. — Мінск, 2003. — 479 с. — (Беларуская паэзiя ХХ стагоддзя).

2. Танк, М. Сонечны гадзіннік : [вершы] / М. Танк ; [укладанне В. Шніпа ; мастак В. Бялыніцкі-Біруля]. — Мінск, 2021. — 117, [1] с. — (100 вершаў).

© 2022 Сектор информационно-библиографической работы ЦГБ им. К. Маркса

bottom of page